ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,

пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)